Сцэнарый да Дня беларускага пісьменства "Імя, славутае ў вяках"

 ( Гучыць  песня  «Спадчына»  сл. Я. Купалы, муз. І.Лучанка) 

Вяд.1: Добры дзень, паважаныя сябры! Сёння  наша мерапрыемства прысвечана  Дню беларускага пісьменства, якое праводзіцца штогод  у першую нядзелю верасня   Кожны горад і мястэчка ў нас паважліва ставіцца да сваіх традыцый і імкнецца да культурнага росквіту. У гэтым годзе гасцей сустракаў горад  Рагачоў, што на Гомельшчыне. А зараз  мы звернемся да крыніц  нашага пісьменства.                  

Слайд №1

Вяд.2: Мы ганарымся сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Сярод найбольш яркіх і значных прадстаўнікоў беларускай культуры эпохі Адраджэння вылучаецца асоба Францыска Скарыны. Яго талент праяўляўся літаральна ва ўсім: беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі сэнс сваей дзейнасці  бачыў у служэнні народу.

Ен імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабытку агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі. У 2017 годзе мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадруку.

Гучыць мелодыя на цымбалах у запісу В.Іванова ”Спеў  дубраў”

Чытальнік: Яшчэ у дні старыя, у век наш лучынны,

Аб горадзе Полацку слава ішла. –

Друкар там выдатны Францішак Скарына,

Што зоры рассыпаў па роднай краіне,

Крыштальныя словы навукі – святла,

Нямала народаў з крыніц яго піла,

І брала ад мудрасці вечны агонь,

У літарах першых знаходзячы сілу...

Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла

Такога выдатнага сына свайго!

Слайд №2

Вяд.1: Дакладных звестак пра дату нараджэння Скарыны не выяўлена. Вядома, што нарадзіўся асветнік у Полацку каля 1490 г. у сям'і заможнага полацкага купца Лукі. Бацька спадзяваўся, што сын працягне яго справу, але юнака больш вабіла навука. Мяркуюць, што першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, дзе навучыўся чытаць і пісаць, затым вучыўся ў школе пры каталіцкім касцеле ў Полацку. Скарыне неабходна было засвоіць латынь - тагачасную мову адукаваных людзей, каб заняцца навукай. Ад бацькоў сын пераняў любоў да роднага Полацку.

Вяд.2: У 1504г., калі Скарына ў ліку васьмі юнакоў з полацкага біскупства адпраўляецца ў Кракаў і паступае там ва універсітэт, дзе вывучае так званыя свабодныя навукі. Тады яму было каля 14 год. Праз два гады ён атрымоўвае першую вучоную ступень бакалаўра, якая давала яму права насіць пярсцёнак-пячатку і выкладаць рыторыку ў звычайных школах.               

Слайд №3-4

Вяд.1: Перад Францішкам адкрылася далейшая дарога ў навуку. Гэта дазволіла  Скарыне ў 1512 годзе паспяхова здаць экстэрнам экзамены на ступень  “доктара ў лекарскіх навуках». У Падуанскім універсітэце ў Італіі ў  актавых запісах 1512 года напісана: «Сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацка праявіў сябе гэтак пахвальна і цудоўна падчас строгага выпрабавання, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных». У той жа дзень Ф. Скарыне ўручылі знакі годнасці доктара медыцыны (звычайна гэта — чатырохвугольная шапка, пярсценак і кніга Гіпакрата «Афарызмы»).

Чытальнік:

З’явіўся наш Скарына  кветкай родных межаў,

Вясёлкай з-пад туману.

На мове паспалітай простых пастыроў,

Тлумачыў ён прарокаў сказы - свежапісы.

Жыў твор яго у народзе, нібы ў жылах кроў,

Прамяніўся над краем сонечнаю рысай,

Аздобаю – нябеснай.                      (З.Бядуля)

Слайд №5

Вяд.2: Да гэтага часу у славутай “зале сарака” Падуанскага універсітэта змешчаны партрэты 40 знакамітых вучоных еўрапейскай навукі, якія выйшлі з яго сцен. Адзін з іх – наш зямляк  Францыск Скарына.

Вяд.1: Двойчы доктар навук. Ф.Скарына мог заняць высокую пасаду пры двары, але  ён выбраў для сябе іншы шлях. Малады  вучоны  зацікавіўся кнігадрукаваннем, якое ў той час было зусім новай справай. Але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця.  Ён «избрал оставить в науке и в книгах вечную славу и память свою».   Скарына едзе ў сталіцу  Чэхіі -  Прагу, каб  дасканала авалодаць  новай  для  сябе  прафесіяй.                                                                   Слайд № 6

Вяд.2: Выдавецкую дзейнасць Францішак Скарына пачаў у Празе пры  падтрымцы беларускіх купцоў з Полацку і віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава. Асветнік заснаваў у  Празе  першае ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў выдавецтва, абсталяваў друкарню. За няпоўныя тры гады ў Пражскай друкарні Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя (ўпрыгожаны мноствам ксілаграфічных гравюр, ініцыялаў і заставак) кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову.Там ён выдаў першую друкаваную  кніжку на   старабеларускай   мове    “Псалтыр”, якая выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года.  Скарына бачыў у гэтай кнізе “дзецям малым пачатак всякое добрае навукі, дорослым памнажэнне ў навуцы”.

”Гучаць цымбалы”

Чытальнік:            

“Пачатак добрае навукі”

Усё ж ён вывеў на прастор.

У белы свет рассунуў сцены

З тае  спрадвечнае глушы,

Быць меўся лекарам для цела;

А стаўся доктарам душы.”     

(М.Лужанін)

Чытальнік:                          

Марыў калісьці славуты Скарына

“Ціснучы” кнігі на мове бацькоў

Простаму люду у роднай краіне

Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.  

(Н.Гілевіч)                                             

Вяд.1: Цяжка прыходзілася Францыску, бо злыя людзі казалі: “Навошта беларускім людзям яшчэ і кніга? Няхай будуць цёмнымі і неразумнымі!”. Але Скарына дабіўся свайго.   Пасля    доўгіх   блуканняў друкар у пачатку 1520-х гадоў вырашыў асталявацца ў Вільні. Тут ен выбраў нявесту  - сваю суайчынніцу, заснаваў друкарню ў доме старэйшага віленскага бурмістра Якуба Бабіча. У 1522 годзе  была надрукавала «Малая подорожная кніжыца» для купцоў і ўсіх тых, каму тыднямі даводзілася  бываць у дарозе, каб падарожнік мог палепшыць доўгія гадзіны ў абозе і вечара на заезным двары.  Услед  за  ей  Скарына надрукаваў «Апостал» (1525г.). Гэта былі кнігі на зразумелай простым людзям беларускай мове таго часу. Біблія у той час была  падручнікам для навучання грамаце бедным людзям. У тыя далёкія гады гэта было сапраўдным подзвігам.

Вяд 2:            

Ён першы кнігу даў славянам,

На простай мове ўзорны ліст.

Ён знаў: з -за  хмараў валавяных               

Праб’ецца сонца на зямлі.

(А.Іверс)

Мы можам ганарыцца і тым, што ў віленскі перыяд сваёй дзейнасці  ён заснаваў першую друкарню на тэрыторыі Беларусі. Як сцвярджалі старажытныя рымляне, «напісанае застаецца». Напісанае Скарынам — дарагая рэліквія, духоўны скарб, нацыянальная святыня.   

Вяд.1: Скарына  непроста  выдаваў  кнігі. Ён зрабіў пераклады  кніг Бібліі  на  старабеларускую мову, напісаў для іх  прадмовы і пасляслоўі. Сёння яшчэ раз  хочацца ўзгадаць   ўсім   нам добра   вядомыя  словы   Скарыны:  “...Звяры, што ходзяць у  пустыні, знаюць  ямы  свае, птушкі, што лётаюць  у паветры, ведаюць  гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы бароняць вуллі свае, - гэтак жа і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормленыя... да таго месца вялікую ласку маюць.”                    

Слайд №8

Вяд.2: У выданнях Скарыны шматразова паўтараецца выява сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Выбар сімвала яўна невыпадковы. Даследчыкі пісалі, што знак гэты быў створаны і абраны Скарынам «у якасці свайго асабовага герба, а мо нават і талісмана». Магчыма, у ім адлюстраванне факта нараджэння Скарыны ў год сонечнага зацьмення ў Беларусі.

Вяд.2: Шмат  дзе пабываў за свае доўгае жыцце доктар Скарына. Служыў урачом і батанікам, займаўся выдавецкай справай і гандлем. На жаль, на Радзіме Скарыны не ўсе яго разумелі і падтрымлівалі яго высокія пачынанні. З-за фінансавых праблем, якія немагчыма было вырашыць,  Франціск Скарына вяртаецца ў Прагу, дзе праводзіць апошнія дні свайго жыцця.  У 1551 годзе  згасла жыццё нашага славутага першадрукара. Але не гасне памяць аб ім ў сэрцах удзячных нашчадкаў .

Вяд.1: І па сённяшні дзень  выданні Скарыны здзіўляюць і захапляюць ўзроўнем кнігадрукавання. Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіцце кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі, ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах. Яго кнігі  аказалі дабратворны ўплыў на развіцце беларускай літаратурнай мовы.      

Слайд № 9-17

Вяд.2: Імя знакамітага палачаніна ўшанавана на мемарыяльных дошках у Кракаве, Падуі і Празе.  Помнікі Францыску Скарыне пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Вільне, Калінінградзе, Празе і другіх гарадах. Велічны бронзавы помнік першадрукару з'явіўся ў Мінску каля Нацыянальнай бібліятэкі. А галоўная вуліца нашай сталіцы называецца праспектам імя Францыска Скарыны. У горадзе Полацку   працуе музей кнігадрукавання.

Слайд №18-19

Вяд. 1: Імем  Францыска Скарыны  названа  малая  планета
№ 3283 (1979 QA10) Сонечнай сістэмы.

Уведзены дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі – медаль Францыска Скарыны (1989) і ордэн Францыска Скарыны (1995 г.)

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіцце і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа.

Вяд.:2 Ордэн Францыска Скарыны ўручаецца за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветніцкай дзейнасці, прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа; за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці і правоў грамадзян, міласэрнасць і іншыя высакародныя ўчынкі.                     

Слай№20
Вяд.1
: Да цяперашніх дзен дайшлі ўсяго чатыры сотні кніг Скарыны. Усе выданні вельмі рэдкія, асабліва віленскія. Рарытэты захоўваюцца ў бібліятэках і кнігасховішчах Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Вільнюса, Львова, Лондана, Прагі, Капенгагена, Кракава.

Спадчына Франциска Скарыны — наш беларускі гонар, наш нацыянальны скарб і візітоўка нашай краіны.                             

 

                                           Скарына

Чытальнік:     

Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар —
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына.

Праклаў ён дарогу
Да Слова, Святла,
За Матчыну Мову
Паклікаў змагацца,
Каб вольнай заўсёды
Між вольных магла
Дзяржаваю
Белая Русь
Называцца.                             

(М. Пазнякоў)

 

Вяд.2: А зараз, запрашаем Вас прыняць удзел у гістарычнай віктарыне:  “Наш Скарына”

1.На  чым  высякалі першыя літары? - (На камні)

2.Хто быў першым кнігадрукаром усходніх славян?- (Скарына.)

3.Як  звалі Скарыну?- (Франціск,Францішак.)

4.У якім горадзе нарадзіўся першадрукар?- (У Полацку.)

5.А ў якой сям’і?- (Купца.)

6.Дзе вучыўся Скарына?-  ( У Европе.)

7.Якую прафессію ён атрымаў? - (Доктара.)

8.Як называецца першая кніга, надрукаваная Скарынам? –(Псалтыр.)

9.У якім гораддзе яна была надрукавана?- (У Празе.)

10.На якой мове? - (На беларускай.)

11.Якія кнігі выдаваў Скарына? – (Біблейскія.)

12.Якая дата лічыцца пачаткам усходнеславянскага кнігадрукавання?- (6 жніўня 1517г.)

13.Як ушаноўваюць памяць вялікага першадрукара? - (Помнікі ў Мінску, Полацку, Лідзе, Празе, Калінінградзе і інш., у Беларусі шэрах вуліц названа ў гонар славутага першадрукара.)

Вяд.1: Сябры! Давайце з вамі запомнім  словы Ф.Скарыны: «Всякому человеку надо читать, потому что чтение – зеркало нашей жизни, лекарство для души».                     

Вяд.2: У нас багатая гістарычная спадчына! Нам ёсць кім і чым ганарыцца! Шануйце памяць славутых вялікіх дюдзей!  Імкніцеся быць карыснымі!  Жывіце  так , каб і вамі ганарыліся!

( Гучыць  песня  «Спадчына»  сл. Я. Купалы, муз. І.Лучанка) 

 

Выкарыстаная літаратура :

   1. Данілішына А. Вытокі беларускага пісьменства : інтэлектуальны аўкцыён / А.Данілішына // Роднае слова.-2015.-№8.- С.69-72.  

   2.Праз  смугу стагоддзяў  дайшло да нас слова : літаратурна музычная кампазіцыя да Дня беларускага пісьменства і друку   // Бібліятэка прапануе .- 2001 .-  № 2.- С.24-25

    3.Францыск  Скарына  на  мовах  народаў  свету/ уклад.,паслясловўе  Алеся Карлюкевіча; прадм.,Алеся Сушы .- Мінск : Звязда,2014.-136 с.: іл.