Сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі "Вядомы ты ўсёй краіне"
1 вядучы: Сёння спаўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга, публіцыста, народнага пісьменніка Беларусі, Івана Пятровіча Шамякіна, аднаго з нямногіх беларускіх літаратараў, якіх мы называем “жывымі класікамі”.
2 вядучы: У Шамякіна слава аднаго з самых папулярных раманістаў. Яна заслужаная, бо яго творы займальна апавядаюць пра асабліва хвалюючы момант чалавечага быцця. Проза Івана Пятровіча – гістарычна праўдзівы мастацкі летапіс сучаснасці. Таму імя пісьменніка вядома як у нашай краіне, так і за яе межамі.
1 вядучы: Сваю творчую працу І.Шамякін спалучаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Пачынаў свой слаўны шлях ад вясковага пастушка да народнага паэта Беларусі, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі.
2 вядучы: За заслугі ў развіцці беларускай літаратуры І.Шамякін неаднаразова з’яўляўся лаўрэатам шматлікіх Дзяржаўных і літаратурных прэмій. Шмат зроблена ім у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання. Пісьменнік прыйшоў у літаратуру як аўтар твораў аб Вялікай Айчыннай вайне, але хутка адкрылася, што яго страсць – праблемы сучаснасці.
1 вядучы: Яго героі – людзі блізкія і зразумелыя чытачу, бо яны жывуць тымі ж інтарэсамі, пакутуюць ад тых жа дум, што і ён, чалавек сённяшняга дня.
Чытанне ўрыўка з пенталогіі І.Шамякіна “Трывожнае шчасце”
2 вядучы: Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма, што на Добрушчыне. Калісь сюды падыходзілі лясы князя Паскевіча. Але адразу пасля скасавання паншчыны купцы пачалі няшчадна пляжыць дрэвы і вазіць чыгункаю. Таму сінія бары хутка адступілі на поўнач, а вакол Кармы раскінуліся палеткі і зялёныя лугі.
1 вядучы: Сям’я была бедная, і з 1925 года бацька будучага пісьменніка стаў працаваць лесніком пад Нова-Беліцай. Але пераезды з месца на месца прывялі да таго, што чытаць малы Ваня вучыўся з дапамогай бацькі, а ў школу пайшоў толькі на дзявятым годзе.
2 вядучы: Усё ж хлопца цягнула да літаратуры. І калі Шамякін вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, то стаў актыўным удзельнікам літаратурнага аб’яднання пры газеце “Гомельская праўда”.
1 вядучы: У 1940 годзе Шамякін скончыў тэхнікум і быў накіраваны на працу ў горад Беласток, які знаходзіцца ў заходняй частцы Беларусі. Затым хутка яго прызвалі ў армію. Служыць давялося ў Мурманску ў зенітна-артылерыйскай часці. Там і застала яго вайна.
Гучыць песня “Вальс 45-га года”
2 вядучы: Часць, у якой служыў Шамякін, абараняла Мурманск, Кандалакшу, Петразаводск ад нямецкай авіяцыі.
1 вядучы: (пад музычны фон чытае) Прыйдзі да Вечнага агню
І, моўчкі стаўшы на калені,
Правер агнём сваім сумленне
На праўду і на чысціню.
Калі не ўстанеш прысягнуць,
Усім, хто не вярнуўся з бою,-
Ты не шукай іх за спіною,-
Яны наперадзе ідуць.
2 вядучы: Герой рамана І.Шамякіна “Зеніт” – малодшы лейтэнант Павел Шыянок быў зусім маладзенькім. Яго юнацтва абарвала вайна. Бамбёжкі, выбухі мін, якія так хітра ўмелі ставіць фашысты, страта баявых сяброў… Але было ў той суровы час на той вайне ў яго незабыўнае першае каханне. Трапяткое, далёкае. Яно засталося ў памяці Паўла Шыянка назаўсёды дзіўнай зоркай светласці і чысціні.
1 вядучы: Дзень Перамогі Шамякін сустрэў у Германіі. Пасля дэмабілізацыі з арміі вырашыў перакваліфікавацца. Увогуле пакінуў прафесію тэхніка па будаўнічых матэрыялах і стаў выкладчыкам мовы і літаратуры. Настаўнічаў у Пракопаўскай школе Церахоўскага раёна і завочна вучыўся ў Гомельскім педінстытуце.
2 вядучы: Іван Пятровіч Шамякін быў відным грамадскім дзеячам, таму ўвесь час знаходзіўся ў віры навакольнага жыцця, сустракаўся з рознымі людзьмі. Гэта дало магчымасць сабраць багаты фактычны матэрыял для літаратурных твораў, якія былі перакладзены на многія замежныя мовы і мовы былога СССР.
1 вядучы: Заслужаную славу пісьменніку прынеслі раманы “Глыбокая плынь”, “У добры час”, “Крыніцы”, пентплогія “Трывожнае шчасце”, у якую, як прызнаўся Шамякін, укладзена шмат асабіста перажытага ў суровыя гады вайны.
2 вядучы: Папулярнымі ў чытача былі і застаюцца раманы “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, у якіх пісьменнік даследуе важныя сацыяльна-маральныя і сямейна-бытавыя праблемы.
1 вядучы: Аповесць “Слаўся,Марыя!” прысвечана той, што аберагала, давала парады, была першым крытыкам яго літаратурных твораў, рэдагавала іх, вычытвала карэктуру – жонцы Марыі Філатаўне, з адыходам якой Шамякін страціў сваю жыццёвую апору. Бо вельмі цяжка пажылому ўжо чалавеку заставацца без вернага спадарожніка ў жыцці.
2 вядучы: Хочацца адзначыць, што Шамякін у сваіх творах неаднойчы знітоўваў дзень сучасны з ваенным мінулым. Гэта ў першую чаргу адносіцца да рамана “Вазьму твой боль”, у аснове якога ляжыць надзвычай складанае пытанне: ці ёсць апраўданне злу?
1 вядучы: Нам, нашчадкам, вядомы з’явы і падзеі 80-х-90-х гадоў, якія не могуць аставіць нікога раўнадушнымі – гэта перабудова, курс на дэмакратызацыю. Пісьменніка непакоіла маральная дэградацыя і бяздушша нашага грамадства. Гэта адлюстравана ў творах “Падзенне”, “Сатанінскі тур”, “Палеская мадонна”.
2 вядучы: У цэнтр пісьменніцкай увагі не магла не трапіць такая трагічная падзея, як Чарнобыль. Раман “Злая зорка” – першае вялікае эпічнае палатно ў беларускай прозе, у якім адлюстраваны трагедыя Чарнобыля і яго наступствы. Пісьменнік усебакова асэнсаваў маральныя перадумовы вялікай бяды, з суровай праўдзівасцю паказаў дні цяжкіх выпрабаванняў і пакутаў беларусаў.
Вучань чытае ўрывак з паэмы Сяргея Законнікава “Чорная быль” (“Палыновая зорка”).
Пад ветрам сівая трава,
Як дым, наплывае пад ногі...
Сівее мая галава,
Не можа пазбыцца трывогі.
Як волі, паветра глыну,
Ды стане не светла, а горка,
Паўсюль даўкі пах палыну
I ў небе – распятая зорка.
Глядзіць Беларусь на мяне,
Чарнеюць кругі пад вачыма.
Народ можа верыць мане,
Зямлю падмануць немагчыма.
Нібы да грудзей немаўля,
Да родных пагоркаў тулюся.
Збалелая маці-зямля,
Я толькі табе павінюся.
Не хочацца класціся ў дол,
Не маючы ў сэрцы надзеі,
Што ты саўладаеш з бядой
I верай нашчадкаў надзеліш,
I змогуць яны гаварыць
Прыветліва моваю наскай:
«Дзень добры! Заходзьце, сябры,
У хату да нас. Калі ласка!»
...Маўчыць, нібы камень, зямля,
Палын невядомасцю свеціць...
Што будзе, што будзе пасля? –
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.
Ёсць праўда адна – праўдай жыць,
Няхай і суровай, і горкай...
У небе над намі стаіць,
Як зніч, палыновая зорка.
1 вядучы: Па тым, што напісана І.Шамякіным можна прасачыць гісторыю Беларусі і адчуць душу нашага народа. Яго творчая і грамадская дзейнасць — прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу. Пісьменнік быў перакананы ў галоўных каштоўнасцях свайго жыцця: «Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё — любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў».