Даследчая работа "Уласныя імёны ў прыказках і прымаўках"

Уводзіны

Пры вывучэнні прыказак і прымавак на ўроку беларускай літаратуры нас вельмі зацікавілі гэтыя крупінкі народнай мудрасці,  у якіх сустракаюцца ўласныя імёны чалавека. Як аказалася, ужыванне ў іх уласных імёнаў з’яўляецца адной з іх спецыфічных асаблівасцей: яны важныя, бо канкрэтызуюць пэўную якасць, паказваюць добрыя рысы, а таксама і недахопы чалавека. Напрыклад, прыказка “Атаўка – сену прыбаўка, не ўмеў касіць Саўка” характарызавала няўмелага і няўдалага гаспадара. Саўка – форма раней распаўсюджанага мужчынскага імя Сава, форма памяншальна-ласкальная і гутарковая. Імя Саўка выкарыстана ў прыказцы, перш за ўсё, для таго, каб зарыфмаваць сказ: Саўка – прыбаўка. Але ці толькі ў рыфме справа? Ці захоўваецца ў іншых прыказках вобраз персанажа з імем Саўка як няўдакам, нават гультаём?

Нас зацікавіла пытанне: імёны ў прыказках выкарыстоўваюцца для рыфмы і сугучча, атрымліваючы пры гэтым абагульняючае, тыпавое, агульнае значэнне, ці ж прымавачная характарыстыка непарыўна звязана з канкрэтнымі асабовымі імёнамі.

Тэматычная група прыказак з уласнымі імёнамі, якая налічвае дзясяткі моўных адзінак, зацікавіла нас. Мы вырашылі даследаваць іх і паглядзець, ці прасочваецца характарыстыка пэўнага імя ў розных прыказках і прымаўках, у якіх яно ўжыта. Гэтая праблема і ляжыць у аснове нашай працы, якая ставіць наступную мэту: прааналізаваць беларускія прыказкі і прымаўкі, якія маюць у сваім складзе ўласныя імёны, а таксама ролю імёнаў у іх.

У працэсе працы мы вырашалі наступныя задачы:

1) глыбей вывучыць беларускі фальклор;

2) сістэматызаваць веды аб малых жанрах вуснай народнай творчасці;

3) прааналізаваць тэматычную групу прыказак і прымавак, якія ўключаюць у сваю структуру асабовыя імёны;

4) класіфікаваць прыказкі, якія змяшчаюць антрапонімы;

5) высветліць, якія рысы характару чалавека знайшлі адлюстраванне ў дадзеных моўных адзінках;

6) скласці прэзентацыю “Уласныя імёны ў прыказках і прымаўках” для выкарыстання на занятках па беларускай літаратуры і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў.

Аб’ектам нашага даследавання з’яўляецца кніга “Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы”, складзеная Ф. Янкоўскім.

Прадметам даследавання – прыказкі і прымаўкі, якія ўключаюць у сваю структуру асабовыя імёны.

У ходзе выканання даследавання намі выкарыстаны такія метады, як вывучэнне навуковай і даведачнай літаратуры па беларускаму фальклору, праца са зборнікамі прыказак і прымавак, аналіз сабранага матэрыялу, класіфікацыя прыказак і прымавак, якія змяшчаюць антрапонімы.

Актуальнасць дадзенай работы заключаецца ў тым, што выкарыстанне ў маўленні прыказак і прымавак з асабовымі імёнамі з’яўляецца паказчыкам узроўню адукаванасці чалавека. Школьная праграма прадугледжвае знаёмства з гэтай тэматычнай групай ужо з пачатковай школы, але не прадугледжвае глыбокага вывучэння іх, хоць у алімпіядных і конкурсных працах сустракаюцца заданні на праверку ведаў прыказак і прымавак, у тым ліку, якія ўключаюць у сваю структуру асабовыя імёны.

1.      Роля імя ў жыцці чалавека  

Імя (сваё ці блізкага чалавека) дорага нам. Калі мы чуем знаёмае імя, мы не задумваемся аб яго значэнні і паходжанні, мы ўяўляем сабе чалавека, пра якога гаворым або да якога звяртаемся. Народ вельмі правільна ацэньвае імя чалавека, зазначаючы, “Не глядзі на мянушку – глядзі на птушку”. Так  гаворыцца ў адной з беларускіх прыказак. Аднак мы павінны вывучаць гісторыю свайго імя, яго паходжанне, сэнс і значэнне гэтак жа, як мы павінны ведаць родавыя карані сваёй сям’і і краіны. Наша імя – гэта і гісторыя беларускага народа, і састаўная частка беларускай мовы.

Роля імя ў жыцці чалавека вельмі вялікая. Кожнага можна назваць не інакш як па імені, таму ўсе яго добрыя або дрэнныя ўчынкі робяцца здабыткам галоснасці дзякуючы імені. Адсюль магчымасць пераноснага ўжывання слова імя. Кажуць: у яго добрае імя альбо: не ганьбі майго імя і г.д., маючы на ??ўвазе: ён добры чалавек, ці не ганьбі мяне.

Істотную ролю ў зносінах людзей імёны адыгрывалі ва ўсе эпохі. Таму і немагчыма ўявіць лексіку якой-небудзь мовы без уласных імёнаў. Асабовыя ўласныя імёны людзей (антрапонімы) уяўляюць сабой частку гісторыі і агульначалавечай культуры, так як у іх адлюстроўваюцца побыт, вераванні, спадзяванні, фантазія і мастацкая творчасць народаў, адгалоскі самых старажытных міжплемянных міграцый, гістарычныя кантакты. Цікавасць да імёнаў, веданне іх паходжання і сэнсу выхоўваюць пачуцці патрыятычнай датычнасці, любоў да радзімы, да народа, яго мовы і культуры зносін.

2. Імёны ў беларускіх прыказках

2.1. Імя ў прыказцы як сродак рыфмавання ў структуры ўстойлівага выслоўя 

Паэтычная творчасць, прадстаўленая прыказкамі і прымаўкамі, праўдзіва адлюстроўвае самабытны, багаты розум беларускага народа, яго вопыт, погляды на жыццё, на прыроду, на грамадства. У вуснай моўнай творчасці народ захаваў свае звычаі і традыцыі, спадзяванні і надзеі, высокія маральныя якасці, нацыянальную гісторыю і культуру.

У беларускім фальклоры шырока выкарыстоўваюцца ўстойлівыя выслоўі з уласнымі імёнамі, якія вызначаюць паводзіны чалавека, асаблівасці яго характару. Асабовыя імёны з’яўляюцца знешнім адзеннем прыказак. Яны большай часткай узятыя для рыфмы, сугучча, меры: такія, напрыклад, прыказкі, у якіх памінаюцца: Рыгоры – горай, Цімошка – кошка, Федзька – рэдзька, Фядота – работа і інш. Наўрад ці каму-небудзь прыйдзе ў галаву шукаць сюжэты гэтых устойлівых параўнанняў: ясна, што яны абумоўлены выпадковымі асацыяцыямі пад уплывам рыфмы. “Рады Мітрафан, апрануўшы чужы кафтан”; “Рады Філат, што справа ідзе на лад”; Рады Якаў, што пірог з макам”. Прыказкі падкрэсліваюць выпадковасць імя. Адно імя магло замяняцца іншым. Імя выбіралася ў большасці выпадкаў пад рыфму і толькі ў нязначнай ступені стварала абагульнены вобраз чалавека.

Аднак ёсць прыказкі і прымаўкі з імёнамі, якія сталі пастаяннай характарыстыкай. Так імя Макар у прыказках і прымаўках набыло значэнне прастак, няшчасны, забіты чалавек: “На грэшнага Макара шышкі валяцца”, “На беднага Макара ўсюды бяда напала”. З імем Васіль звязана ўяўленне пра лянівага чалавека, які больш есць, чым працуе: “Наш Васіль на работу не сіл, а як клёцкі ў малаку – за чатырох павалаку”. Няўмекам, лайдаком, гультаём, які не паважае працу, паўстае Саўка: “Атаўка – сену прыбаўка, ды не ўмеў скасіць Саўка”, “На воўка толькі слава, а авец цягае Сава”, “На воўка памоўка, а Саўка авечкі крадзе”, “Не меў Саўка клопату, дык жонку ўзяў”. 

2.2. Імя ў прыказках і прымаўках як абагульненне характэрных уласцівасцей чалавека

Значэнне асабовага імя ў структуры прыказкі і прымаўкі адрозніваецца ад імя ў штодзённых зносінах. Адсутнічае звыклая сувязь імя з канкрэтным чалавекам. Прыказка ўжываецца ў жыцці да канкрэтнай сітуацыі і да канкрэтнай асобы, у якой ёсць сваё ўласнае імя, якое не супадае з імем у прыказцы. Менавіта гэтым сутыкненнем двух імёнаў – сапраўднага і несапраўднага – дасягаецца абагульненне. Гаворка ў прыказцы, калі яе ўжываюць у жыццёвай сітуацыі, ідзе не пра Саўку, Мікіту, Грышку, Макара і г.д., а пра канкрэтнага чалавека, які паступае так, як паступаюць Саўка, Мікіта, Грышка, Макар і г.д. Антрапонім набывае абагульнены сэнс, становіцца агульным. Развіццё вобразнай асновы імя, яго пераасэнсаванне адбываецца на аснове выпадковых асацыяцый. У далейшым гэтыя асацыяцыі замацоўваюцца ў народнай памяці як абагульненне якіх-небудзь уласцівасцей чалавека.

Сацыяльная адзнака многіх імёнаў глыбока асела ў мове. Нярэдка веданне гэтай ацэнкі дапамагае зразумець прыказку.

У асобных прыказках і пымаўках антрапонім захоўвае сувязь з рэальнай гісторыяй. Напрыклад, у кнізе Носовича Н. “Сборник белорусских пословиц” даецца такое тлумачэнне прымаўцы “На вяку ўсяго нажывешь, Кузьму татай назавеш”: калі абставіны прымушаюць пакланіцца таму, каму не хацелася б. Прымаўка пайшла ад наступнага аповеду: “ Адзін пасынак, які з малалецтва прывык называць свайго  айчыма па імені Кузьмой,  калі падрос, не пакідаў сваёй звычкі. Але аднойчы, везучы з айчымам па возу пшаніцы ў снапах, пасынак наехаў на касагор. Воз перавярнуўся на яго. Пасынак стаў клікаць на дапамогу свайго Кузьму, які ехаў паперадзе, але айчым не адклікаўся. Тады ён закрычаў: “Тата, тата! Дапамажы мне вылезці!” Айчым спыніўся, каб вызваліць пасынка. А калі прыехаў дадому сказаў аб гэтым здарэнні: “На вяку ўсяго нажывеш, Кузьму татай назавеш”.

Але ў большасці, мы бачым, што імя ў прыказках і прымаўках з’яўляецца абагульненнем характэрных уласцівасцей чалавека з такім імем.

Значную колькасць прыказак і прымавак складаюць тыя, у якіх выкарыстоўваюцца імёны хрысціянскіх святых. І гэта невыпадкова. Людзі здаўна назіралі за жыццём прыроды, звярталі ўвагу на ўзаемасувязь розных з’яў у навакольным свеце. Паступова народнае свядомасць злучыла разам каляндар прыроды і праваслаўныя святы. “Прыйшоў Бутрамей– жыта на зіму сей” (7 верасня), “Прыйшоў Мікола – сей, не пытайся ні ў кога” (22 мая), “Сей лён на Галену, будзе кашуля па самае калена” (3 чэрвеня), “На Тодара раса – канапель паласа” (25 чэрвеня), “Прыйшоў  Пятрок (12 ліпеня) – апаў  лісток, прыйшоў  Ілля (2 жніўня) – апалі два, прыйшла Прачыстая (14 кастрычніка) – увесь лес ачысціла, прыйшоў Спас (19 жніўня) – усяму час” і інш.

3Аналіз тэматычнай групы прыказак і прымавак, якія ўключаюць у сваю структуру асабовыя імёны

Прыказкі ў народным побыце адыгрываюць важную ролю: яны служаць кіруючымі прынцыпамі дзейнасці, на іх спасылаюцца ў апраўданне сваіх учынкаў і дзеянняў, імі карыстаюцца для абвінавачвання або выкрыцця іншых. Таму немалаважна ведаць значэнне прыказак, якія змяшчаюць у сваім складзе ўласныя імёны. У ходзе даследавання намі прааналізавана тэматычная група прыказак і прымавак, якія ўключаюць у сваю структуру асабовыя імёны, прадстаўленая ў зборніку “Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы”, складзеным Ф. Янкоўскім.

Намі разгледжана больш за 20000 прыказак і прымак. З гэтага моўнага матэрыялу адабрана для даследавання 227 устойлівых выслоўяў, у якіх выкарыстана 102 асабовых імёнаў, 26 жаночых і 76 мужчынскіх. (Дадатак 1). Пераважная большасць імёнаў, якія ўжываюцца ў аналізаваных прыказках і прымаўках не з’яўляюцца спрадвечна беларускімі. Па паходжанні гэта старажытнаяўрэйскія, старажытнагрэчаскія, лацінскія імёны. Амаль палова імёнаў – гэта імёны хрысціянскіх святых.

Самае распаўсюджанае імя ў прыказках і прымаўках –  Юрый, яно сустракаецца 16 разоў. Побач з ім па частаце ўжывання імя Мікалай (ужываецца 14 разоў). На трэцім месцы стаіць імя Ян – яно сустракаецца 13 разоў. У большасці з дадзеных прыказак гутарка ідзе аб хрысціянскіх святых. А самі выслоўі выступаюць у ролі мудрых дарадцаў селяніну ў гаспадарцы. Сярод жаночых імёнаў на першым месцы імя Ганна (яно згадваецца як імя хрысціянскай святой, а таксама як гультайкі і няшчырая ў каханні), яно зарэгістравана 6 разоў, далей ідзе імя Агата (любіць пагуляць, дбайная гаспадыня) – 5 прыкладаў і Праскоўя – 3 прыклады (неласкавая, непрыветная). (Дадатак 2).  

У 142 моўных адзінках асабовыя імёны ўзятыя для рыфмы, сугучча. Напрыклад: “Гуляй, Агата, – заўтра свята”, “Агата – дзяўчына небагата, па мястэчку ходзіць, хлопцаў за ручкі водзіць”, “Пайшлі ў сваты да сляпой Агаты”, “Была б Агата, а будзе хата”, “Аддам на свята Адам”, “Святы Амос цягне ўгару авёс”,  “Дзе Андрэй ды Тамаш, там цэлы кірмаш”, “Багаты Аўдзей, поўна хата дзяцей”, “Любіў Ганулю, а атрымаў дулю”, “Адзін сынок Юзік і той – як гарбузік”, “Я за свайго Кузьму і дзесяць вазьму, а ты сваю Кацярынку вазі па рынку” і інш. У дадзеных прыказках рыфма да імені невыпадковая: яна  з’яўляецца характарыстыкай: Агата – небагата,  Тамаш – кірмаш,  Парася – напілася, у Параскі – ні ласкі, Аркадзь – не гадзь, Лявон – вон, Марынцы – па старынцы і інш. У 85 прыказках і прымаўках рыфмуюцца не імёны, а іншыя словы, праз якія ствараецца вобразнасць. Таму ўласныя імёны маюць больш абагульнены сэнс. Напрыклад: “Цікавы, як Марцін да кавы”, “Юр’я гваздзіць, а Мікола масціць”, “Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі”,  “Міллян рэпу жрэ, Андрэй каноплі трэ”, “Схілілася елачка да дуба, час табе, Насцечка, да шлюба”, “Павел такі, што як яму ні гадзі, а ён усё глухі”, “Тады Юзік ажэніцца, як лысы вол ацеліцца”, “Пажывеш – і Кузьму бацькам назавеш” і інш. (Дадатак 3). 

Вывад

 Прааналізаваўшы тэматычную групу прыказак і прымавак, якія ўключаюць у сваю структуру асабовыя імёны, можна зрабіць наступныя вывады:

Прыказкі ў народным побыце адыгрываюць важную ролю: яны з’яўляюцца дарадцамі ў сельскагаспадарчай працы, прадказальнікамі будучага ўраджаю; на іх спасылаюцца ў апраўданне сваіх учынкаў і дзеянняў, імі карыстаюцца для абвінавачвання або выкрыцця іншых.

Уласныя асабовыя імёны ў прыказках важныя, так як яны канкрэтызуюць пэўную якасць, дапамагаюць параўноўваць розных людзей і паказваюць добрыя якасці і недахопы чалавека.

Пераважная большасць імёнаў, якія ўжываюцца ў прыказках і прымаўках, не з’яўляюцца спрадвечна беларускімі, яны запазычаны са старажытнагрэчаскай, старажытнаяўрэйскай, лацінскай моў.

Самымі распаўсюджанымі імёнамі ў прыказках і прымаўках з’яўляюцца імёны Юрый, Мікалай, Ян, Ганна, якія часцей звязаны з вобразамі хрысціянскіх святых.

У беларускім фальклоры шырока выкарыстоўваюцца ўстойлівыя выслоўі, у якіх асабовыя імёны ўжыты для рыфмы і сугучча: Рыгоры – горай, Цімошка – кошка, Федзька – рэдзька, Фядота – работа і інш.

 

Літаратура 

Аксамітаў А. Прыказкі і прымаўкі: Тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак з архіваў, катэдральных збораў, рэдкіх выданняў ХІХ і ХХ ст. - Менск: Беларуская навука, 2000. - 320 с.

Аляхновіч М. Лінгвакультуралагічны змест беларускай фразеалогіі //Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мат-лы ІІІ міжнароднага кангрэса беларусісітаў "Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый". 4-7 снежня 2000. - Мінск. - 2000. - 283 - 285.

Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя / уклад. А.С. Фядосік. - Мінск: Ураджай, 2002. - 298 с.

Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Склаў Ф. Янкоўскі. –– Мінск, 1992.

Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І.Я. Лепешаў. - Мінск: БелЭн, 2004. - 448 с.

Лозка, А.Ю. Беларускі народны каляндар / А.Ю. Лозка. - 2-е выд. - Мінск: Полымя, 2002. - 240 с.

Тлумачальны слоўнік прыказак / І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. – Гродна: ГрДУ,  211. – с.

Дадатак 1

Класіфікацыя прыказак і прымавак, у склад якіх уключаны уласныя імёны

Імя

Паходжанне і значэнне імені

Значэнне імені ў беларускіх прыказках і прымаўках

Прыказкі і прымаўкі

1

Агата

Агата – от греч. добры.

Любіць пагуляць, дбайная гаспадыня

Гуляй, Агата, – заўтра свята.

Агата – дзяўчына небагата, па мястэчку ходзіць, хлопцаў за ручкі водзіць.

Пайшлі ў сваты да сляпой Агаты.

Была б Агата, а будзе хата.

Каб Кандрат быў вінават – у яго Агата вінавата.

2

Адам

Адам – ад ст. яўрэйск. створаны з чырвонай глины.

Адам – біблейскі персанаж

Аддам на свята Адам.

Адам да Евы заляцаўся, а ўсе вінаватыя.

Адам з’еў яблык, у святыя не ўпісалі, а нам аскому пакінуў.

3

Адарка

Адарка – ад укр., вытворнае ад Дар’я

 

Схавалася, як Адарка ад дажджу.

4

Алена (Галена)

Алена – ад грэч.

сонечная.

Ласкавая, добрая.

Сей лён на Галену – будзе кашуля па самае калена.

5

Амос

Амос – ад яўр. цяжар.

Хрысціянскі святы

Святы Амос цягне ўгару авёс.

6

Андрэй

Андрэй  – ад грэч.

мужны, храбры.

Працаўнік, вясёлы чалавек

Міллян рэпу жрэ, Андрэй каноплі трэ.

Дзе Андрэй ды Тамаш, там цэлы кірмаш.

7

Ананій

Ананій – ад яўр. міласць божая

Двудушны чалавек

У людзях завуць Анання, а дома няма яму такога наймя.

8

Анціп

Анціп – ад ст. грэч. айчым.

Адукаваны чалавек

Анціп да літары прыліп.

9

Апанас

Апанас – ад грэч. бессмяротны

Гаваркі чалавек

Званіў Апанас, але не для нас.

10

Аркадзь

Аркадзь – ст. грэч. жыхар Аркадзіі

Нядобры чалавек

Браток Аркадзь, людзям не гадзь.

11

Арынка

Арына – ад Ірына – ад грэч. імя багіні мірнага жыцця, мір.

Дзяўчына на выданні

Я за свайго Кузьму каго захачу вазьму. А ты сваю Арынку павазі па рынку.

12

Астап

Астап (Еўстафій) – ад ст. грэч. моцны. здаровы.

Небагаты чалавек

Жыў Астап без ячменю і будзе жыць!

13

Аўдзей

Аўдзей – ад ст.-яўр. слуга Бога.

Адкрыты да людзей чалавек, але бедны

Аўдзей усё між людзей.

Багаты Аўдзей, поўна хата дзяцей.

14

Аўдоля

(Аўдуля)

Аўдоля – Еўдакія – ад ст. грэч. благаваленне.

 

На старасці лет здзівіла Аўдоля белы свет.

Не гавары пра Аўдулін сон: прачнецца  – сама раскажа.

15

Аўсей

Аўсей – ад грэч. набожны.

Хрысціянскі святы

Аўсей – авёс сей.

16

Аўгіння

Аўгіння – ад Яўгенія – ад яўгеній – ад ст. грэч. высакародная.

Чалавек, які не адказвае за свае ўчынкі

Ігнат не вінават, і Аўгіння не вінна, вінавата хата, што пусціла Ігната.

17

Аўлас

Аўлас – ад ст. грэч. вялы, непаваротлівы.

Хрысціянскі святы

Аўлас ды не ў нас.

Аўлас па калені ў масле.

18

Базыль

Базыль – Васіль – ад ст. грэч. царскі

Чалавек, які любыць выпіць

Хрысціянскі святы

Нашы Базылі, што не з’елі, то спілі.

Базыль – авечкам авёс дае.

19

Барыс

Барыс – ад стараславянск. Барыслаў – славуты ў барацьбе.

Хрысціянскі святы

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два, прыйшоў Барыс – усё пагрыз, прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў.

Барысе, Барысе, сам бараніся.

Святы Барыс коні пасе, поле барануе, ячмень сее.

На святога Барыса хлеба наясіся.

Прыйшоў Барыс – за саху бярысь.

Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллю памагаюць.

На Барыся за ніву бярыся.

На Барыса за рагач бярыся, а прыйдзе Багач – кідай рагач, бяры сявеньку дый сей памаленьку.

На Барыса хоць сей рэдка – уродзіць густа.

20

Баўдзей

Магчыма вытворнае ад руск. Балда – мужч. імя-мянушка.

Бесталковы салавек

На свеце пажывеш і Баўдзея другам назавеш.

21

Бутрамей

Бутрамей (Барталамей) – ад Варфаламей – старажытнангэчаская форм арамейскага імя. Сын Талмая.

Хрысціянскі святы

Пайшоў Бутрамей да буслоў па дзяцей.

22

Варвара

Варвара – ад грэч. дзікунка, з чужых зямель.

Хрысціянская святая

Варвара ноч уварвала.

23

Васіліск

Васіліск – ад Васіль – ад ст. грэч. царок

Хрысціянскі святы

Ад Васіліска і салавей блізка.

24

Васіль

Васіль – ад ст. грэч. царскі

Гультай

 Наш Васіль на работу не сіл, а як клёцкі ў малаку – за чатырох павалаку.

Наш Васіль на работу не сіл, а клёцкі за чатырох жарэ.

Васілю, Васілю! Не бяры на сілу!

25

Ганна

(Гануля)

Ганна – ад ст.яўр.

міласлівая, благадатная,

радосць.

Хрысціянская святая.

Гультайка, няшчырая ў каханні

 

Ганна з дажджом – гарох з чарвяком.

Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллю памагаюць.

На Ганну расіца халодная, то зіма будзе ранняя і халодная.

Любіў Ганулю, а атрымаў дулю.

Што каму да таго, што Гануля любіць каго? Мужык, дык мужык, але Ганулін, не твой.

Пайшла Гандзя жыта жаць, ды забыла серп узяць; серп узяла – хлеб забыла, так Гандзя і дома была.

26

Гаўрыла

Гаўрыла – ад ст.-яўр. мая магутнасць – бог.

Фанабэрысты, ганарлівы, сквапны чалавек

Не адзін Гаўрыла ў Полацку.

Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла.

Разумны, як Гаўрыла з Полацку.

27

Гірша

Гірш – ад ст.-яўр. “Алень”

 

Не будзе Гірша, дык будзе чорт іншы.

28

Данат

Данат – ад лац. “Падараваны”.

Хрысціянскі святы

Святому Данату коскі тачыць, сянцо касіць.

29

Даніла

Данііл – ад ст.-яўр. “Суддзя мой Бог”.

Сквапны, прагны чалавек

Не памёр Даніла, а скула задушыла.

Вазьмі, Даніла, што нам няміла.

30

Дзяніс

Дзяніс – руская   форма ад Дыянісій – ад грэч. прысвечаны Дыянісу – богу віна, поэтичнага

Натхнення і вясёлых гульбішчаў.

Хлус. падманшчык

От дык Дзяніс: прадае сабаку, а кажа, што ліс.

31

Ева

Ева – ад ст.-яўр. “Тая, што дае жыццё”.

Біблейскі персанаж

Адам да Евы заляцаўся, а ўсе вінаватыя.

32

Ермалай

Ермалай – ад грэч. “Народны вяшчун”

 

Ды цябе хваліў і поп, і Ярмошка, і я трошка.

33

Зміцер (Змітра)

Бел. форма  імя Дзмітрый – ад грэч. “Належыць багіні Дзіметры”

Хрысціянскі святы

Хітры, кемлівы чалавек

На Змітра і баба хітра.

Зміцер то хіцер, але і Саўка не дурак.

Да Змітра дзеўка хітра.

То Пятрок, то Змітрок.

34

Іван

Іван – ад ст.-яўр. божая мілота.

Хрысціянскі святы

Бяспраўны чалавек, аматар выпіць

Іван зусім п’ян, за ім Якаў ідзе ракам – той цвярозы.

Што можна пану, то не Івану.

Іван ківае на Пятра, а Пётр на Івана.

Іван Багуслаў дружкі разаслаў.

На Івана ноч адарвана.

35

Ігнат

Ігнацій – ад лац. “Агонь”.

Чалавек, які не адказвае за свае ўчынкі

Ігнат не вінават, і Аўгіння не вінна, вінавата хата, што пусціла Ігната.

Быў Ігнат, ды пайшоў назад.

36

Ілля

Ілля –  ад ст.-яўр.

божая дапамога,

верны, моцны,

непадкупны.

Двудушны чалавек

Хрысціянскі святы

А людзях – святы Ілля, а дома – свіння.

Прыйшоў Ілля, чалавек пайшоў па гародзе, як свіння.

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два, прыйшоў Барыс – усё пагрыз, прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў.

Да Іллі просяць аб дажджы, а па Іллі і баба хвартухом нагоніць.

Да Іллі хоць адным зубам пырні.

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – прынёс гнілля.

Пасля Іллі вада і з зямлі.

Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллю памагаюць.

Ілля блізка, гніся, бабка нізка, уставай раненька дый жні пазненька.

Ілля жніво пачынае, а лета канчае.

Ілля наробіць гнілля.

На Іллю перапечкі налью.

На Ільяша – хлеб і каша.

37

Іосіф

(Юзік)

Іосіф – ад цюркскага розум, парадак

Няўдалы чалавек

Адзін сынок Юзік і той – як гарбузік.

Тады Юзік ажэніцца, як лысы вол ацеліцца.

38

Кандрат

Кандрат – слав. імя лац. паходжання “Чатырохвугольны”

Гультай. Чалавек, які не адказвае за свае ўчынкі

У нашага Кандрата ўся хата абадрата.

Каб Кандрат быў вінават – у яго Агата вінавата.

39

Каська (Касьян)

Касій – ад лац. “Пусты”

 

Хто за каго, а чорт за Каську.

40

Кацярына

Кацярына – ад грэч. чыстая,

набожная.

Пра жанчыну, ў якой шмат дзяцей.

Дзяўчына на выданні

У нашай Кацярыны штогод хрэсьбіны і радзіны.

Я за свайго Кузьму і дзесяць вазьму, а ты сваю Кацярынку вазі па рынку.

41

Кузьма

Кузьма  –  ад грэч. мір.

Чалавек, да якога не хочуць звяртацца па дапамогу.

Відны жаніх

На вяку ўсяго нажывешь, Кузьму татай назавеш.

Пажывеш – і Кузьму бацькам назавеш.

Нос уцёр Кузьме, а сам плача.

Не кожны Кузьма – бацька.

Я за свайго Кузьму і дзесяць вазьму, а ты сваю Кацярынку вазі па рынку.

Я за свайго Кузьму каго захачу вазьму. А ты сваю Арынку павазі па рынку.

 

42

Лукаш

Лукаш – Лука  –  ад лац. светлы.

Хрысціянскі святы

На Лукаша дзеўка наша.

43

Лявон

Лявон – бел. імя, паходзіць ад лац. Леанідас

“Леў”

Чалавек, яі любіць вясёлыя гулянкі, а таксама выпіць

Ці Лявон, ці не Лявон, а з свята не вон.

Лявон! Выпі чарку ды ідзі вон.

44

Лявоніха

Так называюць жонку Лявона

 

Лявоніха сама сябе высцебала.

45

Макар

Макар – ад грэч. блажэнны, шчаслівы.

Няшчасны чалавек

На грэшнага Макара шышкі валяцца.

На беднага Макара усюды бяда напала.

Будзе чарка, скварка – будзе і наш Макарка.

46

Макрына

Макрына – ад ст.-грэч. “Вялікі, доўгі, бысконцы”

Хрысціянская святая

На Макрыну дождж – лета і восень мокрыя, а калі суха – восень сухая.

47

Марка

Марк – ад лац. “Молат”

Няшчасны, абяздолены чалавек

Раз Марку жаніць. Таўчэцца як Марка ў пекле..

48

Марцін

Марцін – ад лац. прысвечаны Марсу, ваяўнічы.

Хрысціянскі святы.

Цікаўны чалавек

Марцін святы – губіцель гагаты.

Цікавы, як Марцін да кавы.

49

Марынка

Марына – ад лац.

марская.

Чалавек, які не хоча прымаць нешта новае

А нашай Марынцы ўсё па старынцы.

50

Мар’яна

Мар’яна – ад муж. Мар’ян – лац. “Належыць Марыю”

Дзяўчына на выданні

Хацела Мар’яна замуж ісці, але браць не хочуць.

51

Мацей

Мацей –бел. форма ст.-яўр. імя Матфей “Божы чалавек”

Хрысціянскі святы

Пасля Мацея мужык не пацее.

На Мацея зіма пацее.

Пацей, Мацей, калі многа дзяцей.

52

Маша

Мар’я – ад ст.-яўр.

любімая, жаданая,

гаспажа.

Дзяўчына на выданні

Рада б наша Маша выйсці за пана, ды пан не бярэ.

53

Мікалай (Мікола)

Микалай бел форма имя рэч паходжання “Пераможца народаў”

Хрысціянскі святы

З’еш акрайчык – будзе сын Мікалайчык.

Юр’я гваздзіць, а Мікола масціць.

Беражы сена ад Міколы да Міколы і не бойся зімы ніколі.

Да Міколы няма добрай дарогі ніколі.

Да Міколы няма зімы ніколі.

Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі.

Да Міколы няма дабра ніколі.

Юрый з цяплом, а Мікалай з кармом.

Юрый сказаў: жыта ўраджу, а Мікола: пачакай, пагляджу.

Па Міколе не сей аўса ніколі.

Колькі адзін Мікола даў снегу, столькі другі дасць травы.

Май сена да Міколы, не бойся зімы ніколі.

Мікола 22 мая – правае лета, Мікола 19 снежня – правая зіма.

Ой, ці бачыш, Мікалаю, як я жыта падсяваю?

54

Мікіта

Мікіта – ад грэч.

пераможца.

П’яніца, упарты чалавек

Мікіта два гады пахмяляўся ды з пахмелля памёр.

Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не аглядайся.

Ці Мікітам па палцы, ці палкаю па Мікіце – усё па Мікіце.

Не каваль з Мікіты.

55

Міллян

Бел. форма лац. имя Емельян

“Ліслівы, прыемны ў словах”

Гультай

Міллян рэпу жрэ, Андрэй каноплі трэ.

56

Мітрафан

Мітрафан – ад грэч “Яўлены маці”

Чалавек, які не саромеецца ўзяць чужое

Рады Мітрафан, апрануўшы чужы кафтан.

57

Міхал

Міхаіл – ад  ст.-яўр.

подобны да Бога.

Хрысціянскі святы

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два, прыйшоў Барыс – усё пагрыз, прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў.

Хоць Міхайла, абы быў паніхайла.

58

Мсціслаў

Мсціслаў – слав. паходжання “Славуты абаронца”

 

Мсціслаў не аднаго сціснуў.

59

Надзёжа (Надзя)

Надзея – стараславянскае імя.

Непрыгожая дзяўчына

Не кожная Надзёжа з твару прыгожа.

60

Настасся (Насцечка)

Настасся  – ад грэч. уваскрашонная.

Дзяўчына на выданні

Схілілася елачка да дуба, час табе, Насцечка, да шлюба.

61

Несцерка

Нестар – ад грэч.”Страннік”

 

А-а-а, малое, пакуль будзе другое, а-а-а, Несцерка, пакуль не будзе шэсцерка.

62

Павел

Павел – ад лац. маленькі

Няўдзячны чалавек

Павел такі, што як яму ні гадзі, а ён усё глухі.

63

Палашка

(Пелагея)

Пелагея – ад грэч. марская.

Пра чалавека са сваім норавам

У кожнай Палашкі свае замашкі.

64

Параска

Праскоўя  – ад  грэч. пятнічная, перадсвяточная,

Падрыхтаваная да свята.

 

Неласкавая, непрыветная

З Богам, Параска, калі людзі здараюцца.

У нашай Параскі ні гневу ні ласкі.

 І наша Парася мёду напілася.

65

Пахом

Пахом – ад грэч. тоўстыя плечы.

Хрысціянскі святы

Пасееш агуркі, калі Пахом, будзеш абіраць іх мяхом.

66

Пракоп

Пракопій (Пракофій) – ад грэч. “Поспех”

Ліслівы чалавек

Пракоп – такі поп: на чыім возе едзе, таму і песенькі пяе.

І з Пракопам і без Пракопа – усё роўна.

67

Пятрок (Пятро)

Пётр  – ад  грэч.

моцна як камень, скала.

Хрысціянскі святы

Пайшоў Пятрок без парток.

Чакай Пятра – сыр з’ясі.

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два, прыйшоў Барыс – усё пагрыз, прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў.

Да Пятра – з макатры, па Пятры – у макатры.

Да Яна – на пана, а па Пятры – на вяпры.

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – прынёс гнілля.

Святы Пятро – жытцу ядро.

Пачынай касіць не з Пятра, а калі вырасце трава.

На Пятра дождж – будзе жыта як хвошч.

На Пятра дождж – мокры сенакос.

То Пятрок, то Змітрок.

Іван ківае на Пятра, а Пётр на Івана.

68

Рыгор

(Грыгоры)

Ргор– ад грэч.

які не спіць.

Непаважаны чалавек, п’яніца, зазнайка

Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай.

На Рыгора пайшла зіма на мора.

Што будзе, то будзе, а Грышка на куце не будзе.

Як казалі на мяне “Грышку”, то меў грошай крышку, а як пачалі казаць “пане Грыгорый”, то ўжо што далей, то горай.

Цярпі, Грышка, карчма блізка.

69

Салоха

Салоха – слав. імя “Нерастаропная неахайница”

 

Удалося, як той Салосе.

70

Самсон

Самсон – ад яўр. “Сонца”

Хрысціянскі святы

На Самсона дождж – па Самсоне сем тыдняў тож.

71

Саўка (Сава)

Сава  – ад ст.-яўр. старац, дзед.

Лянівы, няшчыры

Не меў Саўка клопату, дык жонку ўзяў.

Атаўка – сену прыбаўка, ды не ўмеў скасіць Саўка.

На воўка толькі слава, а авец цягае Сава.

На воўка памоўка, а Саўка авечкі крадзе.

Талкуй, Саўка, з панам.

Зміцер то хіцер, але і Саўка не дурак.

Не па Саўку шапка.

Палажылі Саўку на голую лаўку.

72

Сенька

Арсеній – ад грэч. “Мужны”

 

Па Сеньку шапка, па кучару калпак.

73

Сідар

Славянская форма грэч імя Ісідор “Дар Ісіды”

Ілгун

Прыйшлі Сідары – прыйшлі сіверы.

Праўда Сідарава: кісялём бліны памазаны, на паркане сушацца.

Будзе мёд і ў Сідаравай калодзе.

74

Сара

(Сора)

Сара – ад ст.-яўр. “Гаспажа”

Няўмелая

Наша Сора то шые, то пора.

Хваліла сябе Сора і сёння і ўчора.

75

Станіслаў

Станіслаў – слав. “Станавіўся славутым”

Хрысціянскі святы

Сей лён на Станіслава, вырасце, як лава.

76

Сцяпан

Сцяпан – ад ст.-грэч. “Вянок, карона”

Няшчасны чалавек.

Абы прыгана – усё на Сцяпана.

Адзін Сцяпан – заўсёды пан, а калі нястача – дзіця не плача.

77

Сымон

Сымон – бел. форма імя Сямён – ад яўр. “Бог пачуе”

 

Здагадлівы, як Сымонаў певень: зімою ў пашню не ідзе, а сцежачкаю, сцежачкаю ды ў мліва.

78

Тадора

Тадора – бел. форма грэч. імя Фядора (Феадора) “Божы дар”

Выхваляка

Не завязаў аборы – не бяжы да Тадоры.

Хваліла сябе Тадора і сёння і ўчора.

79

Тодар

Тодар – бел. форма грэч. імя Фёдар – ад грэч. божы

дар.

Хрысціянскі святы

На Тодара раса – канапель паласа.

80

Тамаш

Тамаш – бел. форма ст.-яўр. імя Фама – “Блізнюк”

Вясёлы чалавек

Які Тамаш, такая і Тамашыха.

Дзе Андрэй ды Тамаш, там цэлы кірмаш.

81

Тамашыха

Жонка Тамаша

 

Які Тамаш, такая і Тамашыха.

82

Тэкля

Тэкля –бел. форма ст. -грэч. імя Фёкла “Слава божая”

Любапытная

Цікаўная Тэкля палезе і ў пекла.

83

Фёдар (Федзька)

Фёдар – ад грэч. божы

дар.

Бедны чалавек

Не косіць Федзька, бо ў торбе рэдзька.

 

84

Фядот

Фядот – ад грэч. доўгачакны,  милы.

Гультай

У нашага Фядота не клеіцца работа.

85

Фядора (Хадора)

Фядора – ад грэч. божы

дар.

 

Хто з кім, хто з каторай, а я – са сваёю Хадорай.

86

Філат

Філат – ад грэч. страж,  які ахоўвае Бога.

Чалавек, над з якога смяюцца

Рады Філат, што справа ідзе на лад.

87

Францішак

Францыск – ад лац. “Вольны”

Хрысціянскі святы

На святога Францішка шукае зярнят у полі мышка.

88

Халімон

Халимон – бел. форма ст.-грэч. імя Філімон “Любіць”

Удачлівы, вясёлы чалавек

Калі шанцуе, дык і Халімон танцуе.

89

Харытон

Харытон – ад грэч. “Дабразычлівы”

Хрысціянскі святы

Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён.

90

Хама

(Хомка)

Хама – ад Фама– ад ст.-яўр. “Блізнюк”.  

Нядобры чалавек.

Бедны чалавек

Які (чорт) Хомка, такая і яго жонка.

Прыйшлі мы да Хамы, а Хама сам бедны.

91

Цімошка

Цімафей – ад ст.-грэч. “Які шануе Бога”

Бедны чалавек

От багат Цімошка: певень ды кошка.

92

Шлёмка (Шлёма)

Шлёма – Шлома – ад Cаламон – ад ст.-еўр. “Мір”.

Разважлівы чалавек

Як Бог да Шлёмкі, так і Шлёмка да Бога.

93

Юля

Юлія – ад грэч. “Валністая, курчавая”.

 

На тое і Юля, каб была чыстая кашуля.

94

Юстын

Юстын – ад лац. праведны

Хрысціянскі святы

Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён.

95

Юрый (Юрай)

Юрый – ад грэч. земляроб.

Хрысціянскі святы.

Пранырлівы, шустры.

Набожны як конь святога Юрая.

Калі Саракі застануць снег на страсе, дык Благавешчанне на гары, а Юр’я за калодай.

Юр’я гваздзіць, а Мікола масціць.

На Юр’я павінна быць сена і ў дурня.

Юр’ева раса – не трэба каню аўса.

Юрый з цяплом, а Мікалай з кармом.

Юрый сказаў: жыта ўраджу, а Мікола: пачакай, пагляджу.

Два на гаду Юр’і, ды абодва дурні: увосень халодны, а ўвесну галодны.

Калі на стрэчанне певень пад страхою нап’ецца, то на Юр’я вол травы наесца.

Калі на Юр’я мароз, будзе добры авёс.

Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры.

Калі не шанцуе, то і Юрка не танцуе.

Не па Юрку шапка.

Аднаго Юрка ўпусцілі, дык уся хата заюрылася.

Паплач, Юрка, ці не засвярбіць скурка.

96

Якаў

(Яська)

Якаў – ад ст.-яўр. “Лекар”.

Чалавек, якому шанцуе, шчаслівы чалавек.

Іван зусім п’ян, за ім Якаў ідзе ракам – той цвярозы.

Рады Якаў, што пірог з макам.

Дзе п’юць ды ядзяць, там Яські не глядзяць, а дзе цяжка – ідзі туды Яська.

97

Якуб

Якуб – ад арабск. “Які трымае за пятку”.

Хрысціянскі святы.

 

На Якуба грэе люба.

Дождж на Якуба – для жалудоў згуба.

Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма.

98

Ямеля

Емельян – ад грэч. «Ліслівы»

Гуляка

Гуляй, Ямеля, твая нядзеля.

99

Янка (Ян)

Ян – ад яўр. “Міласць божая”.

Хрысціянскі святы.

Працаўнік. Балбатун.

Даглядай мяне да Яна, то выведу цябе на пана.

І падрос, і вырас Янучок, а Янкам не стаў.

Да Яна – на пана, а па Пятры – на вяпры.

Памёр наш Ян – памерці й нам.

Янка зрабіў, Янка і сцерабіў.

Янук і засеяў, і зжаў, а панок сажраў.

Не паліняла карова да Яна, то няхай ідзе да другога пана.

Перад святым Янам прасіце, дзеткі аб дажджы, а па святым Яне і сам упрашу.

Авёс да Яна хварэе, а з Яна шалее.

Калі не выліняў конь да Яна, няхай ідзе да другога пана.

Нашаму Яну няма нідзе талану.

У лесе сыр-бор гарыць, а Янка давай навіну гаварыць.

Бегаў Яначка ля плоту – якая плата, такая і работа.

100

Ярома

Ерамей – ад ст.-яўр. “Вышыня божая”.

 

Жыві, Ярома, да смерці дома.

101

Яўмень

Яўменій – ад ст.-грэч. дабразычливы.

Няшчыры чалавек

Вер Яўменю, а грошы кладзі ў кішэню.

102

Яўхім

Бел. форма імя Яфім (Яўфімій) – ад ст.-грэч. набожны, дабразычлівы.

Нядобры, грэшны чалавек

Быў калісьці Яўхім, ды цяпер яго чорт ухапіў.

 

Дадатак 2

Самыя распаўсюджаныя имёны ў прыказках і прымаўках 

Мужчынскія

Жаночыя

Юрый – 15 разоў

Ганна – 6 разоў

Мікалай – 14 разоў

Агата – 5 разоў

Янка (Ян) – 13 разоў

Праскоўя (Параска) – 3 разы

Пётр – 12 разоў

Кацярына – 2 разы

Еўдакія (Аўдоля) – 2 разы

Фядора (Тадора) – 2 разы

Ілья – 11 разоў

Барыс – 9 разоў

 

Дадатак 3

Імя ў прыказцы як сродак  рыфмоўкі ў структуры ўстойлівага выразу 

Гуляй, Агата, – заўтра свята.

Агата – дзяўчына небагата, па мястэчку ходзіць, хлопцаў за ручкі водзіць.

Была б Агата, а будзе хата.

Каб Кандрат быў вінават – у яго Агата вінавата.

Аддам на свята Адам.

Сей лён на Галену – будзе кашуля па самае калена.

Святы Амос цягне ўгару авёс.

Дзе Андрэй ды Тамаш, там цэлы кірмаш.

У людзях завуць Анання, а дома няма яму такога наймя.

Анціп да літары прыліп.

Званіў Апанас, але не для нас.

Браток Аркадзь, людзям не гадзь.

Я за свайго Кузьму каго захачу вазьму. А ты сваю Арынку павазі па рынку.

Аўдзей усё між людзей.

Багаты Аўдзей, поўна хата дзяцей.

Ігнат не вінават, і Аўгіння не вінна, вінавата хата, што пусціла Ігната.

Аўлас ды не ў нас.

Нашы Базылі, што не з’елі, то спілі.

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апала два, прыйшоў Барыс – усё пагрыз, прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў.

Барысе, Барысе, сам бараніся.

На святога Барыса хлеба наясіся.

Прыйшоў Барыс – за саху бярысь.

На Барыся за ніву бярыся.

На Барыса за рагач бярыся, а прыйдзе Багач – кідай рагач, бяры сявеньку дый сей памаленьку.

Пайшоў Бутрамей да буслоў па дзяцей.

Варвара ноч уварвала.

Ад Васіліска і салавей блізка.

Наш Васіль на работу не сіл, а як клёцкі ў малаку – за чатырох павалаку.

Наш Васіль на работу не сіл, а клёцкі за чатырох жарэ.

Васілю, Васілю! Не бяры на сілу!

Любіў Ганулю, а атрымаў дулю.

Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла.

Не будзе Гірша, дык будзе чорт іншы.

Не памёр Даніла, а скула задушыла.

Вазьмі, Даніла, што нам няміла.

От дык Дзяніс: прадае сабаку, а кажа, што ліс.

Ды цябе хваліў і поп, і Ярмошка, і я трошка.

На Змітра і баба хітра.

Да Змітра дзеўка хітра.

То Пятрок, то Змітрок.

Іван зусім п’ян, за ім Якаў ідзе ракам – той цвярозы.

Што можна пану, то не Івану.

Іван ківае на Пятра, а Пётр на Івана.

Іван Багуслаў дружкі разаслаў.

На Івана ноч адарвана.

Быў Ігнат, ды пайшоў назад.

А людзях – святы Ілля, а дома – свіння.

Прыйшоў Ілля, чалавек пайшоў па гародзе, як свіння.

Да Іллі хоць адным зубам пырні.

Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – прынёс гнілля.

Пасля Іллі вада і з зямлі.

Ілля блізка, гніся, бабка нізка, уставай раненька дый жні пазненька.

Ілля жніво пачынае, а лета канчае.

Ілля наробіць гнілля.

На Іллю перапечкі налью.

На Ільяша – хлеб і каша.

Адзін сынок Юзік і той – як гарбузік.

У нашага Кандрата ўся хата абадрата.

Каб Кандрат быў вінават – у яго Агата вінавата.

У нашай Кацярыны штогод хрэсьбіны і радзіны.

Я за свайго Кузьму і дзесяць вазьму, а ты сваю Кацярынку вазі па рынку.

На Лукаша дзеўка наша.

Ці Лявон, ці не Лявон, а з свята не вон.

Лявон! Выпі чарку ды ідзі вон.

На беднага Макара усюды бяда напала.

Будзе чарка, скварка – будзе і наш Макарка.

А нашай Марынцы ўсё па старынцы.

Пасля Мацея мужык не пацее.

На Мацея зіма пацее.

Пацей, Мацей, калі многа дзяцей.

З’еш акрайчык – будзе сын Мікалайчык.

Беражы сена ад Міколы да Міколы і не бойся зімы ніколі.

Да Міколы няма добрай дарогі ніколі.

Да Міколы няма зімы ніколі.

Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі.

Да Міколы няма дабра ніколі.

Па Міколе не сей аўса ніколі.

Май сена да Міколы, не бойся зімы ніколі.

Ой, ці бачыш, Мікалаю, як я жыта падсяваю?

Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не аглядайся.

Рады Мітрафан, апрануўшы чужы кафтан.

Хоць Міхайла, абы быў паніхайла.

Мсціслаў не аднаго сціснуў.

Не кожная Надзёжа з твару прыгожа.

А-а-а, малое, пакуль будзе другое, а-а-а, Несцерка, пакуль не будзе шэсцерка.

У кожнай Палашкі свае замашкі.

У нашай Параскі ні гневу ні ласкі.

І наша Парася мёду напілася.

Пасееш агуркі, калі Пахом, будзеш абіраць іх мяхом.

Пракоп – такі поп: на чыім возе едзе, таму і песенькі пяе.

Пайшоў Пятрок без парток.

Святы Пятро – жытцу ядро.

Пачынай касіць не з Пятра, а калі вырасце трава.

То